на главную | войти | регистрация | DMCA | контакты | справка | donate |      

A B C D E F G H I J K L M N O P Q R S T U V W X Y Z
А Б В Г Д Е Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я


моя полка | жанры | рекомендуем | рейтинг книг | рейтинг авторов | впечатления | новое | форум | сборники | читалки | авторам | добавить



ПРА ЧАС, КАЛІ КОЖНЫ, ХТО ЗАБІВАЕ, ДУМАЕ, ШТО ЁН СЛУЖЫЦЬ БОГУ


Вольга В. — тапограф, 24 гады

— Раніца. Я на каленях… Стаяла і прасіла: «Госпадзе! Я магу і зараз! Я хачу і зараз памерці!» Нягледзячы на тое, што раніца… і дзень пачынаецца…

Такое моцнае жаданне… Памерці! І я пайшла да мора. Села на пясок. Супакойвала сябе, што не трэба баяцца смерці. Смерць — гэта свабода… Мора білася, білася аб бераг… і настала ноч, а потым зноў раніца. У першы раз я нічога не вырашыла. Хадзіла і хадзіла. Слухала свой голас: «Госпадзе, я люблю цябе! Госпадзе…» Сара бара бзія бзой… Гэта па-абхазску… Вакол столькі колераў, гукаў… А я хачу памерці. Я — руская. Нарадзілася ў Абхазіі і там доўга жыла. У Сухумі.

Жыла там да дваццаці двух гадоў. Да дзевяноста другога года… Пакуль вайна не пачалася. Калі загарыцца вада, як яе загасіць? — кажуць абхазы. Дык яны гавораць пра вайну… Людзі ездзілі ў адных аўтобусах, вучыліся ў адных школах, чыталі адны кнігі, жылі ў адной краіне і мову ўсе вучылі — рускую. І яны цяпер забіваюць адзін аднаго: сусед — суседа, аднакласнік — аднакласніка. Брат забівае сястру! Ваююць тут жа, каля дому… Ну колькі? Ну год таму… два… жылі як браты, усе былі камсамольцамі і камуністамі. Я пісала ў школьным сачыненні: «браты навек…», «саюз непарушны…» Забіць чалавека! Гэта не геройства і нават не злачынства… Гэта такі жах! Я гэта бачыла… Зразумець нельга… не разумею… Раскажу вам пра Абхазію… Я яе вельмі любіла… (Спынілася.) І цяпер люблю, усё роўна… Люблю… На сцяне ў кожным абхазскім доме вісіць кінжал. Калі нараджаецца хлопчык, сваякі дораць яму кінжал і золата. І побач з кінжалам на сцяне вісіць рог для віна. Абхазы п’юць віно з рога, як са шклянкі, рог нельга пакласці на стол, пакуль не вып’еш усё да дна. Паводле абхазскага звычаю, час, праведзены з гасцямі за сталом, у тэрмін жыцця не залічваецца, таму што чалавек піў віно і радаваўся. А як адлічваць час, калі забівае? Страляе ў іншага… Ну як? Я цяпер шмат думаю пра смерць. (Пераходзіць на шэпт.) У другі раз… я ўжо не адступілася… Зачынілася ў ванным пакоі… У мяне ўсе пазногці былі да крыві паздзіраныя. Драпалася, чапляся за сцяну, за гліну, за крэйду, але ў апошнюю хвіліну зноў захацела жыць. І вяроўчына абарвалася… У рэшце рэшт, я жывая, я магу сябе памацаць. Адно толькі… я не магу не думаць пра яе… пра смерць.

Калі мне было шаснаццаць гадоў, памёр мой тата. З таго часу я ненавіджу пахаванне… гэтую музыку… Я не разумею, чаму людзі іграюць у гэтым спектаклі? Я сядзела ля труны, я ўжо тады разумела, што гэта не мой тата, майго таты тут няма. Было чыёсьці халоднае цела. Абалонка. Усе дзевяць дзён мне сніўся сон… Мяне нехта клікаў… увесь час клікаў да сябе… А я не разумела, куды ісці? Да каго ісці? Я стала думаць пра блізкіх… многіх з іх я ніколі не бачыла і не ведала, яны памерлі раней, чым я нарадзілася. Але раптам я ўбачыла сваю бабулю… Бабуля даўно памерла, у нас нават фотаздымку яе не засталося, а я пазнала яе ў сне. У іх там усё па-іншаму… Яны нібыта ёсць, і быццам іх няма, яны не прыкрытыя нічым, мы прыкрытыя целам, а яны нічым не абароненыя. Потым я ўбачыла тату… Тата яшчэ быў вясёлы, яшчэ зямны, мне знаёмы. А ўсе іншыя людзі там нейкія такія… нейкія такія… нібы я іх ведала, але забылася. Смерць — гэта пачатак… пачатак чагосьці… Мы толькі не ведаем чаго… Думаю і думаю. Я хацела б вырвацца з гэтага палону, хацела б схавацца. А нядаўна… Як я танчыла раніцай перад люстэркам: я — прыгожая, я — маладая! Я буду радавацца! Я буду кахаць!

Першы… Прыгожы рускі хлопец… Выключнай прыгажосці! Абхазы пра такіх кажуць: «Мужык — на насенне». Ён быў ледзь-ледзь зямлёй прысыпаны, у красоўках і вайсковай форме. Назаўтра нехта красоўкі зняў. Вось ён забіты… А далей, далей што там? У зямлі — што? Пад нашымі нагамі… падэшвамі… Там, унізе, або на небе… Што там — на небе? А вакол лета, і мора шуміць. І цыкады. І мама паслала мяне ў краму. А ён забіты. І раз’язджаюць па вуліцах грузавікі са зброяй, і аўтаматы раздаюць, як хлеб. Я ўбачыла ўцекачоў, мне паказалі, што гэта ўцекачы, і я ўспомніла гэтае забытае слова. З кніг — успомніла. Уцекачоў было шмат: хто на машынах, хто на трактары, хто пешшу. (Маўчыць.) Давайце пра што іншае пагаворым? Напрыклад, пра кіно… Я люблю кіно, але мне падабаюцца заходнія фільмы. Чаму? Там няма нічога з нашага жыцця. Там я магу ўсё што хачу сабе прыдумаць… нафантазіраваць… Насунуць на сябе іншы твар, бо мне надакучыў мой твар. Маё цела… нават рукі… Мяне не задавальняе маё цела, я занадта абмежаваная ўсім гэтым. У мяне тое ж цела, заўсёды адное і тое ж цела, а я розная, я змяняюся… Сама слухаю свае словы і думаю, што я гэтага сказаць не магла, бо не ведаю гэтых слоў і таму што дурная і люблю булкі з маслам… Бо яшчэ не кахала. Не нараджала. А я гэта кажу… Не ведаю: чаму? Адкуль яно ўсё ўва мне? Іншы… Малады грузін… Ён ляжаў у парку. Там быў у адным месцы пясок, і ён на пяску ляжаў. Ляжаў і глядзеў уверх… І ніхто яго не вёз, ніхто не падбіраў доўга. Я ўбачыла яго… і разумею, што трэба мне кудысьці бегчы… Мне трэба… А куды бегчы? Я прыбегла ў царкву… Там нікога не было. Я ўкленчыла і малілася за ўсіх. Тады яшчэ я не ўмела маліцца, яшчэ не навучылася з Ім размаўляць… (Шукае ў сумачцы.) Дзе таблеткі… Мне нельга! Нельга хвалявацца… Я пасля ўсяго гэтага захварэла, і мяне паказвалі псіхіятру. Іду-іду па вуліцы… і раптам хачу крычаць…

Дзе я хацела б жыць? Я хацела б жыць у дзяцінстве… Там была я з мамай, як у гняздзечку. Ратуй… Ратуй, Божа, даверлівых і сляпых! У школе я любіла ваенныя кнігі. І кіно пра вайну. Уяўляла сабе, што там прыгожа. Там ярка… яркае жыццё… Я нават шкадавала, што я дзяўчынка, а не хлопчык: калі будзе вайна, то мяне на вайну не возьмуць. Цяпер я ваенныя кнігі не чытаю. Нават лепшыя… Кнігі пра вайну… яны ўсе падманваюць нас. Насамрэч вайна — гэта брудна і страшна. Я цяпер не ведаю — ці можна пра гэта пісаць? Не напісаць усю праўду, а наогул — пісаць? Казаць пра гэта… Як потым быць шчаслівым? Я не ведаю… я разгубленая… Мама абдыме: «Дачушка, што ты чытаеш?» — ««Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава. Пра вайну…» — «Навошта ты чытаеш гэткія кнігі? Яны не пра жыццё, дачушка. Жыццё — гэта нешта іншае…» Мама любіла кнігі пра каханне… Мая мама! Я нават не ведаю цяпер: жывая яна ці не? (Маўчыць.) Спачатку я думала, што не магу там… у Сухумі не магу жыць… А я наогул ужо не магу жыць. І кнігі пра каханне мяне не ратуюць. А каханне ёсць, я ведаю, што яно ёсць. Я ведаю… (Упершыню ўсміхнулася.) Вясна дзевяноста другога года… Нашы суседзі — Вахтанг і Гунала: ён — грузін, яна — абхазка — яны прадалі свой дом, мэблю і сабраліся з’язджаць. Прыйшлі — развітацца: «Будзе вайна. Едзьце ў Расію, калі ў вас там нехта ёсць». Мы не паверылі. Грузіны заўсёды смяяліся з абхазаў, а абхазы не любілі грузінаў. Так… О-о! (Смяецца.) «Ці можа грузін паляцець у космас?» — «Не». — «Чаму?» — «Усе грузіны памруць ад гонару, а ўсе абхазы — ад зайздрасці». «Чаму грузіны такія маленькія?» — «Гэта не грузіны такія маленькія, гэта горы ў абхазаў такія высокія». Смяяліся, але жылі разам. Вінаграднікі даглядалі… віно рабілі… Вінаробства ў абхазцаў — як рэлігія. У кожнага гаспадара свой сакрэт… Прайшоў май… чэрвень… Пачаўся пляжны сезон… Першыя ягады… Якая вайна! Мы з мамай пра вайну не думаем — закручваем кампоты, варым сочыва. Штосуботы ездзілі на кірмаш. Абхазскі кірмаш! Гэтыя пахі… гукі… Пахне віннымі бочкамі, і кукурузным хлебам, і авечым сырам, і смажанымі каштанамі. Тонкі пах алычы і тытуню, спрасаванага тытунёвага лісця. Вісяць сыры… мой улюбёны сыр мацоні… Пакупнікоў гукаюць па-абхазску, па-грузінску і па-руску. На ўсіх мовах: «Вай-вай, мой салодкі. Не хочаш — не бяры, але ж пакаштуй!» Ужо з чэрвеня ў горадзе не прадавалі хлеб. Мама вырашыла назапасіць мукі ў суботу… Едзем у аўтобусе, побач села нашая знаёмая з дзіцём. Дзіцё гуляла, а потым стала плакаць, і гэтак голасна, быццам яго хтосьці напалохаў. І знаёмая раптам пытаецца: «Страляюць? Вы чуеце: страляюць?» Вар’яцкае пытанне! Пад’ехалі да кірмашу, а насустрач — натоўп, у жаху ўцякаюць людзі. Ляцяць курыныя пёры… Трусы пад нагамі… качкі… Пра жывёлу ніколі не ўспамінаюць… пра тое, як яна пакутуе… А я памятаю параненую котку. І як крычаў певень, у яго аскепак з-пад крыла тырчаў… Праўда, я ненармальная? Я дужа шмат думаю пра смерць… цяпер толькі гэтым занятая… І вось — крык! Гэты крык… Не адзін чалавек, а натоўп крычыць. І нейкія ўзброеныя людзі без формы, але з аўтаматамі даганяюць жанчын, забіраюць у іх сумачкі, рэчы: «Аддай гэта… Здымі з сябе тое…» «Гэта крымінальнікі?» — шэпча мне мая мама. Выйшлі з аўтобуса і ўбачылі расійскіх салдат. «Што гэта?» — запыталася ў іх мама. — «Вы што, не разумееце? — адказаў ёй лейтэнант. — Гэта — вайна». Мая мама — вялікая баязліўка, яна знепрытомнела. Я зацягнула яе ва ўнутраны дворык. З нейкай кватэры нам вынеслі графін вады… Дзесьці бамбяць… гукі выбухаў… «Жанчыны! Жанчыны! Мука патрэбна?» — стаіць малады хлопец з мехам мукі, на ім сіні халат, што ў нас грузчыкі носяць, але ён увесь белы, увесь мукой абсыпаны. Я пачала смяяцца, а мама кажа: «Давай возьмем. Можа, гэта і напраўду — вайна». Купілі ў яго муку. Аддалі грошы. Тут да нас дайшло, што мы набылі крадзенае. Набылі ў марадзёра.

Я жыла сярод гэтых людзей… ведаю іх звычкі, мову… Я іх люблю. А адкуль з’явіліся гэтыя? З такой хуткасцю! Нечалавечай! Дзе гэта ляжала? Дзе… хто адкажа? Зняла з сябе залаты крыжык і схавала яго ў муку і партманэтку з грашыма таксама схавала. Як старая бабуля… я ўсё ўжо ведала… Адкуль? Муку… дзесяць кілаграмаў… я несла на сабе да нашага дома — кіламетраў пяць. Я ішла спакойная… Калі б мяне забілі ў той момант, я не паспела б спалохацца… А людзі… шмат з пляжа… турысты… У паніцы і ў слязах. А я спакойная… Напэўна, я была ў шоку? Лепш бы я крычала… крычала, як усе… Я так цяпер думаю… Спыніліся адпачыць каля чыгункі. На рэйках сядзелі маладыя хлопцы: у адных — чорная стужка на галаве, у другіх — белая. І ва ўсіх — зброя. Яны яшчэ падражнілі мяне, пасмяяліся. А непадалёк ад іх дымілася грузавая машына… За стырном сядзеў забіты кіроўца… у белай кашулі… Убачылі! Як пабеглі праз чыйсьці мандарынавы сад… Я ўся ў муцэ… «Кінь! Пакінь!» — прасіла мама. — «Не, мама, я не кіну. Пачалася вайна, а ў нас дома нічога няма». Вось гэтыя карціны… Рухаюцца нам насустрач «Жыгулі»… Галасуем. Машына не спыняецца, і так павольна едзе, як на пахаванні. На першым сядзенні — хлопец з дзяўчынай, на другім — труп жанчыны. Страшна… Але чамусьці не так страшна, як я раней уяўляла… (Маўчыць.) Мне ўвесь час хочацца пра гэта думаць. Думаць і думаць. Ля самага мора — яшчэ адны «Жыгулі»: лабавое шкло разбіта… лужына крыві… Жаночыя туфлі валяюцца… (Маўчыць.) Я, вядома, хворая… хворая… Чаму я нічога не забываю? (Маўчыць.) Хутчэй! Хутчэй хацелася дадому, кудысьці ў знаёмае месца. Кудысьці бегчы… Раптам гул… І ўгары — вайна! Зялёныя… ваенныя верталёты… І на зямлі… Я ўбачыла танкі, ішлі яны не калонай, а па адным, на танках сядзелі салдаты з аўтаматамі. Луналі грузінскія сцягі. Калона ішла бязладна: адны танкі хутка прасоўваліся наперад, а іншыя спыняліся каля камерцыйных кіёскаў. Салдаты саскоквалі з брані і прыкладамі збівалі замкі. Бралі шампанскае, цукеркі, колу, цыгарэты. За танкамі ішоў аўтобус «Ікарус», запоўнены матрацамі і крэсламі. А крэслы — навошта?

Дома адразу кінуліся да тэлевізара… Іграў сімфанічны аркестр. А дзе вайна? Па тэлевізары вайну не паказвалі… Перад тым, як ісці на рынак, я падрыхтавала памідоры, агуркі, каб закансерваваць. Слоікі пракіпяціць. І вось мы вярнуліся, і я стала закручваць гэтыя слоікі.

Мне трэба было нешта рабіць, нечым заняць рукі. Увечары глядзелі мексіканскі серыял «Багатыя таксама плачуць». Пра каханне.

Раніцай. Рана-рана прачнуліся ад грукату. Па нашай вуліцы ішла ваенная тэхніка. Людзі выходзілі на дарогу і глядзелі. Адна машына спынілася каля нашага дома. Экіпаж рускі. Я зразумела — найміты. Паклікалі маму: «Маці, дай вады». Мама прынесла вады і яблыкаў. Ваду выпілі, а яблыкі не ўзялі. Сказалі: «У нас учора аднаго атруцілі яблыкамі». На вуліцы сустрэла знаёмую: «Як ты? Дзе твае?» Яна прайшла паўз мяне з такім выглядам, як быццам мы не знаёмыя. Я пабегла за ёй, схапіла за плечы: «Што з табой?» — «Ты яшчэ нічога не зразумела? Са мной небяспечна размаўляць — у мяне муж… Мой муж — грузін». А я… я ніколі не думала пра тое, хто яе муж — абхаз ці грузін? Якая мне розніца! Сябар ён выдатны. Я абняла яе моцна-моцна! Уначы да яе прыходзіў родны брат. І хацеў яе мужа забіць. «Забівай і мяне», — сказала яму сястра. А мы з ейным братам у адной школе вучыліся. Сябравалі. Я падумала: як мы цяпер з ім сустрэнемся? Што скажам адно аднаму?

Праз некалькі дзён уся вуліца Ахрыка хавала… Ахрык… Знаёмы абхазскі хлопчык. Яму было дзевятнаццаць гадоў. Ён пайшоў у той вечар да дзяўчыны — і яго нажом у спіну. Маці ідзе за труной: то плача, а то азірнецца — і смяецца. Звар’яцела. Месяц таму ўсе былі савецкія, а тут — грузін — абхаз… абхаз — грузін… рускі…

Жыў на суседняй вуліцы яшчэ адзін хлопец… Я яго, канечне, ведала, але не па імені, а ў твар. Віталіся. Нармальны з выгляду хлопец. Высокі, прыгожы. Ён забіў свайго старога настаўніка — грузіна, забіў за тое, што той вучыў яго ў школе грузінскай мове. Ставіў «двойкі». Ну як гэта? Як зразумець? Усіх у савецкай школе вучылі: чалавек чалавеку — сябар… сябар, таварыш і брат… Мая мама, калі такое пачула… у яе вочы сталі маленькія, а потым вялікія-вялікія… Ратуй, Госпадзе, даверлівых і сляпых! Гадзінамі стаю ў царкве ўкленчыўшы. Там цішыня… хоць там заўсёды цяпер шмат людзей, і ўсе пра адно просяць… (Маўчыць.) Думаеце, у вас атрымаецца? Вы спадзеяцеся, што можна пра гэта напісаць? Спадзеяцеся? Так… ну так… вы спадзеяцеся… А я — не.

Прачнуся ўначы… паклічу маму… Мама таксама ляжыць з расплюшчанымі вачыма: «Я ніколі не была такой шчаслівай, як у старасці. І раптам — вайна». Мужчыны заўсёды гавораць пра вайну, любяць зброю — і маладыя, і старыя… А жанчыны ўспамінаюць каханне… Старыя жанчыны распавядаюць, якія яны былі маладыя і прыгожыя. Ніколі жанчыны пра вайну не гавораць… яны толькі моляцца за сваіх мужчын… Мама пойдзе да суседзяў і вяртаецца кожны раз спалоханая: «У Гаграх спалілі цэлы стадыён грузінаў». — «Мама!» — «А яшчэ я чула, што грузіны кастрыруюць абхазаў». — «Мама!» — «Разбамбілі заапарк… Уначы грузіны за некім ганяліся і думалі, што гэта — абхаз. Яны яго паранілі, ён крычаў. А абхазы на яго напароліся, думалі — грузін. Даганялі, стралялі. А на досвітку ўсе ўбачылі, што гэта параненая малпа. І ўсе — і грузіны, і абхазы — абвясцілі перамір’е і кінуліся яе ратаваць. А чалавека б забілі…» Мне не было чаго адказаць маёй маме. Я за ўсіх малілася, прасіла: «Яны ідуць, як зомбі. Ідуць і вераць, што робяць дабро. Але хіба можна з аўтаматам і нажом рабіць дабро? Заходзяць у дом, і калі не знаходзяць нікога, страляюць у жывёлу, у мэблю. Выйдзеш у горад — ляжыць карова з прастрэленым вымем… расстраляныя слоікі з сочывам… Страляюць — адны па гэты бок, другія — па той. Дай розуму ім!» (Маўчыць.) Тэлевізар ужо не працаваў, адзін гук… без карцінкі… Масква была недзе далёка-далёка.

Я хадзіла ў царкву… і там гаварыла… і гаварыла… На вуліцы каго ўбачу, таго і спыню. Потым пачала сама з сабой размаўляць. Мама сядзе каля мяне, слухае, і бачу — спіць, яна так стамлялася, што засынала нечакана. Мые абрыкосы — і спіць. А я як заведзеная… распавядаю і распавядаю… пра тое, што ад іншых чула і сама бачыла… Як грузін… малады грузін… кінуў аўтамат і крычаў: «Куды мы прыехалі?! Я прыехаў загінуць за Радзіму, а не красці чужую лядоўню! Навошта вы заходзіце ў чужы дом і бераце чужую лядоўню? Я прыехаў памерці за Грузію…» Яго пад рукі кудысьці павялі, па галаве гладзілі. Другі грузін падняўся і пайшоў насустрач тым, хто ў яго страляў: «Браты абхазы! Я не хачу вас забіваць, і вы ў мяне не страляйце». Яго застрэлілі свае ў спіну. А яшчэ… Хто ён — рускі ці грузін — не ведаю, ён з гранатай кінуўся пад ваенную машыну. Нешта крычаў. Ніхто не чуў, што ён крычаў. У машыне гарэлі абхазы… яны таксама крычалі… (Маўчыць.) Мама… мама… Мама ўсе падваконні ў доме заставіла кветкамі. Ратавала мяне… Прасіла: «Глядзі, дачушка, на кветкі! Глядзі на мора!» У мяне выключная мама, у яе такое сэрца… Яна мне прызнавалася: «Я прачнуся на світанні — сонца працінае лістоту… І я думаю: «Вось я зараз пагляджу ў люстэрка — і колькі ж мне гадоў?». У яе бяссонніца, у яе баляць ногі, яна трыццаць гадоў майстрам на цэментавым заводзе адпрацавала, але яна ранкам не ведае, колькі ёй гадоў. Потым яна ўстае, чысціць зубы, бачыць сябе ў люстэрку — на яе глядзіць старая жанчына… Пачынае гатаваць сняданак і забываецца на гэта. І я чую, як яна спявае… (Усміхнулася.) Мая мама… мая сяброўка… Нядаўна мне прысніўся сон: я выходжу са свайго цела… падымаюся высока-высока… Мне так добра.

Ужо не памятаю, што было раней, а што пазней. Не памятаю… Першыя дні рабаўнікі хадзілі ў масках… чорныя панчохі на твар нацягвалі. Неўзабаве маскі яны паздымалі. Ідзе: у адной руцэ крыштальная ваза, у другой аўтамат, і на спіне яшчэ дыван. Тэлевізары цягнулі, пральныя машыны… жаночыя футры… посуд… Нічым не грэбавалі, дзіцячыя цацкі ў разбітых дамах падбіралі… (Маўчыць.) Я цяпер убачу звычайны нож у краме… мне ніякавата робіцца… Раней я ніколі не думала пра смерць. Вучылася ў школе, потым у медтэхнікуме. Вучылася і кахала. Прачнуся ноччу — і мару. Калі гэта было? Так даўно… Я ўжо нічога з таго жыцця не памятаю. Я іншае памятаю… адрэзалі хлопчыку вушы, каб абхазскія песні не слухаў. А маладому хлопцу адрэзалі… ну самі разумееце… гэта… каб ад яго жонка не нараджала… Недзе ядзерныя ракеты стаяць, самалёты і танкі, а чалавека ўсё роўна нажом рэзалі. Віламі заколвалі, сякерай секлі… Хай бы я зусім звар’яцела… я нічога б не памятала… Дзяўчынка на нашай вуліцы… яна засілілася… Дзяўчынка кахала хлопца, а ён ажаніўся з іншай. Яе хавалі ў белай сукенцы. Ніхто не верыў — як гэта: у такі час ад кахання пайсці на смерць? Вось калі б яе згвалцілі… Я ўспамінаю цётку Соню, маміну сяброўку… Ноччу зарэзалі ейных суседзяў… сям’ю грузінаў, з якімі яна сябравала. І дваіх дзяцей маленькіх. Днямі цётка Соня ляжала на ложку з заплюшчанымі вачыма і не хацела выходзіць на вуліцу: «Дзяўчынка мая, навошта пасля гэтага жыць?» — пыталася яна ў мяне. Я карміла яе супам з лыжачкі, яна не магла глытаць.

У школе нас вучылі любіць чалавека з ружжом… Абаронцу радзімы! А гэтыя… яны не такія… І вайна не такая… Яны ўсе — хлапчукі, хлапчукі з аўтаматамі. Жывыя — яны страшныя, а забітыя ляжаць бездапаможныя — і іх шкада. Як я выжыла? Я… я… Я люблю думаць пра маму. Як яна па вечарах доўга расчэсвала валасы… «Калінебудзь, — абяцала мне мама, — я раскажу табе пра каханне. Але распавядаць буду так, нібыта ўсё гэта было не са мной, а з іншай жанчынай». У іх з татам было каханне. Вялікае каханне. Спачатку ў маёй мамы быў іншы муж, аднойчы яна прасавала яму кашулі, а ён вячэраў. І раптам (гэта толькі з маёй мамай магло такое здарыцца) яна сказала ўголас: «Я нараджаць ад цябе не буду». Забрала рэчы і пайшла. А потым з’явіўся мой тата… Ён пільнаваў яе, чакаў гадзінамі на вуліцы, адмарозіў зімой вушы. Хадзіў і глядзеў. І вось ён яе пацалаваў…

Напярэдадні вайны тата памёр… Памёр наш тата ад разрыву сэрца. Сеў увечары ля тэлевізара — і памёр. Як быццам некуды пайшоў… «Вось, дачушка, калі ты вырасцеш…» — у таты наконт мяне былі вялікія планы. І-і-і… (Заплакала.) Мы засталіся з мамай удзвюх. З мамай, якая баіцца мышэй… не можа спаць адна ў доме. Ад вайны яна закрывае галаву падушкай… Прадалі ўсё каштоўнае, што было ў нас: тэлевізар, татаў залаты партабак, які быў святы, доўга яго бераглі, мой залаты крыжык. Мы вырашылі з’ехаць, а каб выехаць з Сухумі, трэба даць хабар. Бяруць вайскоўцы і міліцыя, патрэбны вялікія грошы! Цягнікі ўжо не хадзілі. Апошнія караблі даўно сышлі, уцекачоў у трумах і на палубах набілася як селядцоў у бочцы. Грошай у нас хапіла толькі на адзін квіток… на адзін квіток і ў адзін бок… Да Масквы. Я не хацела без мамы з’язджаць. Месяц яна мяне прасіла-маліла: «Едзь, дачушка! Едзь!!» А я хацела пайсці ў шпіталь… даглядаць параненых… (Маўчыць.) У самалёт мне не дазволілі нічога ўзяць, толькі сумачку з дакументамі. Ні рэчаў, ні маміных піражкоў: «Зразумейце — ваеннае становішча». А побач са мной праходзіў праз мытню мужчына ў цывільным, але салдаты да яго звярталіся «таварыш маёр», грузілі яго валізкі, нешта ў вялікіх кардонных скрынках. Уносілі скрынкі з віном, з мандарынамі. Я плакала… я ўсю дарогу плакала… Мяне суцяшала жанчына, з ёй ляцелі два хлопчыкі: адзін — яе, другі — суседскі. Хлопчыкі апухлі з голаду… Я не хацела… ні за што не хацела з’язджаць… Мама мяне адарвала ад сябе, запхнула сілком у самалёт. «Мама, а куды я еду?» — «Ты едзеш дадому. У Расію».

Масква! Масква… Два тыдні я жыла на вакзале. Такіх, як я… нас — тысячы… На ўсіх маскоўскіх вакзалах — на Беларускім, Савелаўскім,

Кіеўскім… З сем’ямі, з дзецьмі і старымі. З Арменіі, Таджыкістана… Баку… Жывуць на лаўках, на падлозе. Есці вараць. Мыюць. У прыбіральнях ёсць разеткі… і каля эскалатараў ёсць разеткі… Вады ў таз наліў, туды — электракіпяцільнік. Локшыны накідаць, мяса… Суп гатовы! Дзіцячая манная каша! Мне здаецца, што ўсе вакзалы ў Маскве прапахлі кансервамі і супам харчо. Пловам. Дзіцячымі сіукнамі і бруднымі пялюшкамі. Іх сушылі на батарэях, на вокнах. «Мама, а куды я еду?» — «Ты едзеш дадому. У Расію». І вось я — дома. Дома нас ніхто не чакаў. Не сустракаў. Ніхто на нас не звяртаў увагі, ніхто не распытваў. Уся Масква сёння — вакзал, адзін вялікі вакзал. Караван-сарай. Неўзабаве скончыліся грошы. Два разы мяне хацелі згвалтаваць: першы раз — нейкі салдат, у другі раз — міліцыянт. Міліцыянт ноччу падняў з падлогі: «Дзе твае дакументы?» — Стаў цягнуць у пакой «Міліцыя». Вочы былі шалёныя… Я — як закрычала! І ён, відаць, спалохаўся… Уцёк: «Дурніца ты!» Удзень я хадзіла па горадзе… пастаяла на Чырвонай плошчы… А ўвечары па крамах прадуктовых. Вельмі хацелася есці, адна жанчына купіла мне піражок з мясам. Я не прасіла… Яна ела, а я глядзела, як яна ела… І яна мяне пашкадавала. Адзін раз… Але я гэты «адзін раз» на ўсё жыццё запомніла. Гэта была старая-старая жанчына. Бедная. Вось некуды б ісці… толькі не сядзець на вакзале… Не думаць пра ежу, не думаць пра маму. І так — два тыдні. (Плача.) На вакзале ў сметніцы можна было знайсці кавалачак хлеба… абгрызеную костачку курыную… Я так жыла, пакуль не прыехала татава сястра, пра якую мы даўно нічога не ведалі — жывая яна ці не? Ёй восемдзесят гадоў. У мяне быў толькі нумар яе тэлефона. Я штодня тэлефанавала, ніхто не адказваў. Цётка ляжала ў бальніцы. А я ўжо вырашыла, што яна памерла. Здарыўся цуд! Я так чакала… і ён здарыўся… Цётка прыехала па мяне. «Вольга… вас чакае ў пакоі міліцыі ваша цётка з Варонежа». Усе заварушыліся, заварушыліся… Увесь вакзал: хто? Каго? Як прозвішча? Мы прыбеглі ўдзвюх: там знайшлася яшчэ адна дзяўчынка з гэткім жа прозвішчам, але з іншым іменем. Яна прыехала з Душанбэ.

Як яна плакала, што гэта не яе цётка… не яе забіраюць…

Цяпер жыву я ў Варонежы… Праца ў мяне розная, куды возьмуць — пасудамыйкай у рэстаране, вартаўніком на будоўлі, садавіной у аднаго азербайджанца гандлявала, пакуль не стаў чапляцца.

Цяпер — тапограф. Часова ўзялі, вядома, а шкада — праца цікавая. Дыплом аб заканчэнні медыцынскага тэхнікума скралі ў мяне на маскоўскім вакзале. І ўсе маміны фотаздымкі. Ходзім з цёткай у царкву. Я ўкленчу і прашу: «Госпадзе! Я гатовая зараз! Я хачу зараз памерці!» Пытаюся ў Яго кожны раз: жывая мая мама ці не? Дзякую… Дзякую, што вы не баіцеся мяне. Не адводзіце вачэй, як іншыя. Слухаеце. У мяне няма тут сябровак, ніхто за мной не даглядае. Я гавару… і гавару… Як яны ляжалі… маладыя, прыгожыя… (Вар’яцкая ўсмешка на твары.) Вочы расплюшчаныя… шырока расплюшчаныя вочы…

Праз паўгода я атрымала ад яе ліст: «Сыходжу ў манастыр. Хачу жыць. Маліцца за ўсіх буду».


Гісторыя аднаго дзяцінства Марыя Вайцяшонак, пісьменніца, 57 гадоў | Час second-hand | ПРА МАЛЕНЬКІ ЧЫРВОНЫ СЦЯЖОК І ЎСМЕШКУ СЯКЕРЫ Ганна М-ая — архітэктар, 59 гадоў